ДАВЫ́Д І́ГАРАВІЧ
(да 1061 — 25.5.1112),
князь Валынскай зямлі. Сын уладзіміра-валынскага кн. Ігара Яраславіча. Паводле сцвярджэння гісторыка В.М.Тацішчава, у 1078 атрымаў ад вял. кн. кіеўскага Усевалада Яраславіча Тураў. У 1081 Давыд Ігаравіч разам з Валадаром Расціславічам захапіў Тмутаракань, дзе яны княжылі да 1083. У 1084 з князямі Расціславічамі выгнаў Яраполка Ізяславіча з Уладзіміра-Валынскага, але пад пагрозай войска Уладзіміра Манамаха збег адтуль. Пасля атрымаў Дарагабуж, Уладзіміра-Валынскае княства (1085). Любецкі з’езд 1097 пацвердзіў паўнамоцтвы Давыда Ігаравіча, але той паспрабаваў замацавацца і ў Церабоўлі. Уладзімір Манамах і князі Святаславічы пазбавілі Давыда Ігаравіча княжання і адправілі ў Чэрвень, адкуль ён уцёк на Захад. Пасля спробы Давыда Ігаравіча з дапамогай Расціславічаў захапіць вылынскія землі Віцічаўскі з’езд князёў (1100) пастанавіў не дапускаць яго да Уладзіміра-Валынскага і Чэрвеня. Атрымаў гарады Бужск, Астрог, Дубен і Чартарыйск, пазней Дарагабуж.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)